Вывучаем родную мову

Тыдзень роднай мовы

 

 

План Тыдня роднай мовы

 «Як ты дорага мне, мая родная мова!»

 

Назва мерапрыемства

дата

Адказныя

1

Размяшчэнне на сайце ўстановы iнфармацыi аб рэалiзацыi плана правядзення Тыдня роднай мовы

15.09.

Загадчык

2

Арганiзацыя кнiжных выстаў твораў мастацкай лiтаратуры на беларускай мове (у адпаведнасці   ўзросту)

19.09-23.09

Выхавальнiкi      

3

Знаёмiм з лепшымi з лепшых (беларускiя знакамiтыя спартсмены)

20.09.

Фiзiчныя кiраўнiкi

4

Чэлендж «Льецца мова» - назaвi правiльнa

20.09.

Выхавальнiкi       

5

Iнсцэнiроўка беларускай казкi

21.09.

Выхавальнiкi       

6

Акцыя «Размаўляй са мной  пa-беларуску»

19.09- 23.09

Загадчык

Выхавальнiкi

7

Праслухоўванне  беларускiх песень

19.09 – 23.09

Музычныя кiраўнiкi

8

Конкурс дзiцячых малюнкаў  «За што люблю я родную зямлю»

23.09

Выхавальнiкi

9

Акцыя «Слухаем вершы пра родную мову»

22.09.

Выхавальнiкi       

10

Фiзкультурны досуг «Коцiк , пеўнiк i лiсiца»

23.09.

Фiзiчный кiраўнiк

 

свернуть

Вывучаем родную мову

           ВЕЛЬМІ ВАЖНА навучыць сённяшніх дзяцей з павагай ставіцца да беларускай мовы, а таксама размаўляць на ёй. Яны мала чуюць родную мову ў шырокім ужытку, а таму маюць бедны слоўнікавы запас, іх маўленне знаходзіцца пад уплывам рускай мовы. Хоць наша ўстанова i з’яўляецца рускамоўнай, але мы шмат увагi ўдзяляем развiццю менавіта беларускага маўлення дзяцей.

          Увесці рускамоўных дзяцей у атмасферу жывога беларускага слова, далучыць іх да багацця роднай мовы, адчуць яе прыгажосць, мелодыку, своеасаблівасць нам дазваляюць фальклорныя і лепшыя класічныя творы для маленькіх дзяцей: калыханкі, забаўлянкі, песенькі, казкі, вершы і інш. Гэта робіцца з мэтай развіцця першапачатковых навыкаў разумення мовы, умення паўтараць за выхавальнікам і па меры магчымасці самастойна ўзнаўляць узоры беларускага маўлення (асобныя словы, кароткія забаўлянкі, песенькі, лічылкі і г.д.), што служыць фарміраванню ў іх пачуццёвай асновы руска-беларускага двухмоўя.

         Фарміраванне гутарковага беларускага маўлення з дзецьмi мы вядзём па наступных напрамках:

  • развіццё маўлення ў працэсе штодзённых узаемаадносінаў выхавальніка з дзецьмі ў розных відах дзейнасці;
  • заняткi па развіццi беларускага маўлення; 
  • самастойная маўленчая дзейнасць дзяцей.

        Так, пры навучаннi дашкольнікаў малодшага ўзросту выхавальнiкi асаблiвую ўвагу ўдзяляюць рэпрадуктыўнаму беларускаму маўленню (завучванне і ўзнаўленне кароткіх паэтычных твораў), з дзецьмі сярэдняга ўзросту ажыццяўляюць навучанне прадуктыўнаму маўленню, г.зн. уменню будаваць самастойныя па змесце і форме выказванні на беларускай мове (расказванне па карціне, пра цацку або прадмет, з асабістага вопыту). У адпаведнасці з вучэбнай праграмай з дзецьмi сярэдняга i старэйшага ўзросту адзін раз на тыдні праводзім заняткі па развіцці беларускага маўлення, на якіх выхавальнікі актыўна выкарыстоўваюць дыдактычныя і народныя гульні, малыя формы фальклору, народныя казкі, апавяданні, вершы, загадкі і паданні, інсцэніруюць казкі, вершы і г.д.

свернуть

Як пачаць размаўляць па-беларуску?

Простыя парады:

  1. Пазбаўцеся страхаў

Беларусы, якія не вырашаюцца перайсці на беларускую, часцей за ўсё маюць 1001 прычыну для гэтага. Вось некаторыя з іх:

          А. Я кепска размаўляю па-беларуску, таму лепш не псаваць сваімі памылкамі гэтую цудоўную мову. – Ніводная нацыя ў свеце не размаўляе на літаратурнай мове! Нават беларускія пісьменнікі кожны мае “свой варыянт” мовы, з дамешкамі і рэгіянальнымі асаблівасцямі.

          Б. Я з дзяцінства размаўляю па-руску, мая сям’я рускамоўная. – Уявіце, што з такімі перакананнямі вам давялося б пераехаць жыць у Францыю ці Амерыку. Таксама б працягвалі?

           В. Гэта мёртвая мова, ніхто ў горадзе на ёй не гаворыць. – Вы маеце шанс стаць першым! І прыкладам для іншых гараджанаў – калі яны не пачнуць тут жа размаўляць, то прынамсі задумаюцца.

           Г. Гэта мова калхозу і апазіцыі. – Вы адсталі ад трэнду! Сёння беларуская мова – мова культуры, інтэлігенцыі, а таксама мова для кожнага беларуса на ўсе выпадкі жыцця! Размаўляць па-беларуску – гэта сучасна, годна і модна!

  1. Папаўняйце свой слоўнікавы запас

           Пачніце з пасіўных спосабаў: чытайце кнігі, глядзіце агучаныя па-беларуску фільмы, слухайце беларускамоўную музыку, чытайце беларускамоўныя сайты і газеты, усталюйце на кампутары праграмы з беларускім інтэрфейсам. На сайтах, дзе гэта дасяжна, пераключайцеся на беларускую мову. Тое самае – з банкаматамі, інфакіёскамі і г.д.

  1. Пішыце па-беларуску

           Калі вам складана пачаць размаўляць – пачніце з пісьмовай мовы. Мэйлы, эсэмэскі, паведамленні ў інтэрнэце, допісы ў сацсетках. Пры гэтым вы маеце час абдумаць напісанае, зазірнуць у слоўнік (slounik.org). Вашыя знаёмыя пачнуць звыкацца да вас беларускамоўнага, а вы знойдзеце новых беларускамоўных знаёмых.

  1. Звяртайцеся па-беларуску да незнаёмцаў

            Псіхалагічны бар’ер прасцей за ўсё пераадолець з незнаёмымі людзьмі, якіх вы бачыце першы і апошні раз: прадавачка ў краме, кіроўца маршруткі, мінак на вуліцы. Гэта прасцей, чым адразу пачаць размаўляць па-беларуску з бацькамі ці сябрамі, з якімі ўсё жыццё вы гутарылі па-расейску.

  1. Наведвайце беларускія імпрэзы

           Чуць жывую мову – вельмі важна, каб хутчэй авалодаць ёй самому. Да таго ж, на такіх імпрэзах вы можаце здабыць новыя знаёмствы – і пашырыць свой беларускамоўны асяродак. Яшчэ адзін спосаб – вандроўкі з беларускамоўнымі экскурсаводамі і краязнаўцамі.

  1. Пачніце ўжываць мову ў побыце

            Спачатку ў сям’і, потым на працы – у звыклых вам асяродках. Будзьце гатовыя тлумачыць зноўку і зноўку людзям прычыны такога пераходу. Прасіце падтрымаць вас у гэтым. Памятайце, што расейскамоўныя беларусы цудоўна вас разумеюць, калі вы звяртаецеся да іх па-беларуску. Старайцеся размаўляць павольна і прыгожа – каб суразмоўцам было яшчэ прасцей разумець вас. Гэта яшчэ болей прыхіне людзей да вас.

  1. Набярыцеся цярпення

             Для таго, каб пачаць не толькі размаўляць, але і думаць, сніць сны па-беларуску, вам спатрэбіцца час. Але мэта таго вартая, бо разам з моваю вам адкрыецца ўнікальны беларускі сусвет!

свернуть
Меню раздела